Алесь Чумакоў і гурт «Ceilidh Ceol»Альбом: «Сыны старадаўняй Літвы» |
Гэты альбом прапануе падарожжа ў перыяд рамантызму. Росквіту нашай літаратуры таго часу перашкодзіла выключная маладосць новай беларускай мовы. Рамантызм спарадзіў на нашых землях класікаў польскай літаратуры А. Міцкевіча і Ю. Крашэўскага. Іх паслядоўнікі і паплечнікі пачалі фарміраваць беларускую літаратурную мову. Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі, У. Сыракомля, В. Каратынскі, В. Дунін-Марцінкевіч спрабавалі сродкамі маладой беларускай паэзіі данесці дух нацыянальнага рамантызму. Вершы і песні тых часоў насычаны ідэямі, якія не заўжды зразумелыя сучаснаму слухачу. Наступныя пакаленні паэтаў да рамантызму звярталіся радзей, бо беларускіх Джорджаў Байранаў савецкая ўлада актыўна знішчала.
Падарожжа ў мінулае, у беларускі рамантызм, усё ж магчымае. Тыя ж сацыяльныя і палітычныя пратэсты, тыя ж эмоцыі, той жа патрыятызм, тое ж пачуццё Радзімы.
У XVIII-XIX стст. усю Еўропу ахапіла паэзія Рамантызму. Найбольш яскравы прыклад — Ірландыя, дзе ірландскія паэты, карыстаючыся здабыткамі ангельскай літаратуры, нараджалі моцныя паэтычныя творы. На глебе мілагучнасці ірландскіх мелодый і адданаму таленту выканаўцаў Ірландыя становіцца краінай бардаў. Песні ірландскага рамантызму дагэтуль папулярныя па ўсім свеце. Яны і зараз заклікаюць змагацца за сваю Бацькаўшчыну, услаўляюць волю і абуджаюць павагу да сваёй гісторыі.
Ceilidh Ceol (Кейлі кёл) — гурт з Менску, які аўтэнтычна грае традыцыйную ірландскую музыку. Дзякуючы ягонай дапамозе была запісаная праграма ірландскіх песняў па-беларуску. Пераклады адаптаваныя да нашых рэаліяў. Ірландскія гістарычныя падзеі, імёны герояў і месцы бітваў былі наўмысна замененыя на беларускія адпаведнікі. Пачуўшы жывыя песні тых часоў, можна ўявіць чым жылі і аб чым марылі нашыя продкі. Стагоддзе таму, у час нараджэння беларускай дзяржавы, спяваліся песні, якія пакуль што не дайшлі да нашых душ.
Сімвалам рамантызму ў паэзіі, музыцы і жывапісе становіцца арфа. Гравюра славутага Рудольфа Казіміравіча Жукоўскага — выява арфіста, які сумуе па рыцарскіх часах — сімвал беларускага нацыянальнага рамантызму. Пераасэнсаванне гэтай гравюры выканаў адмыслова для гэтага дыску менскі мастак А. Валынец.
Спіс кампазыцый
у альбоме 11 перакладаў і 5 інструментальных кампазіцый
|
Краіна мар (T.Moore/trad.)
Пераклад патрыятычнай песні The Minstrel Boy, у аснову якой пакладзены верш Томаса Мура (Thomas Moore) (1779-1852). Томас Мур прысвяціў гэты верш усім сваім знаёмым творчым людзям, студэнтам, рамантыкам, з кім вучыўся ў Трыніці каледжы ў Дубліне, якія бралі ўдзел у ірландскім паўстанні 1798 года і загінулі. Трэці куплет з'явіўся пазней, калі песня была адным з гімнаў падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША.
Толькі месяц узыдзе (J.K.Casey/trad.)
Пераклад паўстанцкай песні The Rising of The Moon, напісанай у сярэдзіне 19 стагоддзя Джонам Кіганам Кэйсі (John Keegan Casey) (1846-70). Арыгінал распавядае пра ірландскіх пікінераў, якія біліся на баку Аб'яднаных Ірландцаў супраць Брытанскай арміі падчас паўстання 1798 года. У перакладзе праведзены паралелі паміж ірландскімі пікінерамі і нашымі сялянамі касінерамі, якія змагаліся ў вызваленчых паўстаннях на Беларусі. За галоўную дзеячую асобу ў перакладзе абрана Эмілія Плятэр, славутая асоба ў гісторыі Літвы і Польшчы, маладая дзяўчына (25 год), якая ўзначальвала атрад паўстанцаў на Браслаўшчыне ў паўстанні 1831 года. Атрад пад яе кіраўніцтвам вытрымаў шэраг баёў з Расейскім войскам і намагаўся нават захапіць горад Дынабург (вядомы нам сёння як Дзьвінск ці Даўгаўпілс).
Два курганы (B.Warfield/O'Carolan)
Пераклад ірландскай песні Sí Bheag, Sí Mhór, якая заклікае сцішыць варожасць ва ўласным расколатым на два лагеры грамадстве. «Глядзіце», - нібыта кажа паэт - «вунь стаяць курганы, хто ў іх пахаваны? Там толькі нашыя продкі, якія і дагэтуль выходзяць з курганоў па начах біцца адзін з адным; здані - без розуму, без мэты… і вы за імі: сеяце варожасць паміж сваімі ж, калі час яднацца супраць сапраўднага ворага.»
За Радзіму! За Герояў! (T.D.Sullivan)
Пераклад патрыятычнай песні God Save Ireland (1867) Цімаці Даніэля Салівана (Timothy Daniel Sullivan) (1779-1852). Песня распавядае аб хлопцах, якія былі пакараны смерцю за ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні. З 1870-х і па Першую Сусветную гэтая песня была неафіцыйным нацыянальным гімнам Ірландыі.
Мілы мой (F.Weatherly/trad.)
Пераклад песні Danny Boy Фрэдэрыка Ўэзэрлі (Frederick Weatherly). Спачатку Ўэзэрлі ў 1910 годзе паклаў верш на іншую мелодыю. Ўэзэрлі сам адаптаваў яе ў 1913 годзе пад старадаўні ірландскі найгрыш Londonderry Air, які і стаў пазней сусветна вядомым у сувязі з гэтай песняй. Трагічны верш распавядае ад імя жанчыны пра тое, як юнак ідзе ў рэкруты і калі нават і вяртаецца, то вяртаецца так позна, што ягоная каханая магчыма ўжо пастарэла і памерла. Песня настолькі адпавядае рэаліям беларускай гісторыі, што сюжэт, апісаны ў ёй, не патрабуе ані тлумачэння, ані адаптацыі.
Піва няма (D.Sheahan/G.Parsons)
Пераклад гумарыстычнай песні A Pub With No Beer. Верш ірландскага паэта Дэна Шэана (Dan Sheahan), напісаны ў 1943 годзе. Быў пакладзены на музыку аўстралійцам Горданам Парсанзам (Gordon Parsons) (1926-1990). У 1957 годзе сінгл з гэтай песняй атрымаў статус залатога, стаўшы на той час нумарам адзін у Аўстраліі і Ірландыі. Песня пра паб, у якім няма піва, стала папулярнай і ў Амерыцы, дзе на той час слова паб не было ва ўжытку. Таму амерыканцы спяваюць «бар, дзе піва няма». Не часта ў сённяшняй Беларусі можна пабываць «у пабе», таму мы таксама спяваем «бар». Але як апынецеся ў пабе, абавязкова спявайце «паб».
Рудніцкая пушча (P.J.McCall)
Пераклад вядомай ірландскай балады Boolavogue, якая была складзена Патрыкам Джозэфам Макколам (Patrick Joseph McCall) (1861-1919) на 100-годдзе ірландскага паўстання 1798 года. Беларуская версія гучыць у гонар удзельнікаў паўстання 1863 года. У гонар яго Герояў: Людвіка Нарбута, ксянза Юзэфа Гарбачэўскага, мастака Міхала Эльвіра Андрыёлі і ўсіх, хто змагаўся за свабоду ў атрадзе Нарбута на Лідчыне.
Лошыцкі парк (C.M.Spencer/C.W.Glover)
Гэта пераклад ірландскай балады XIX стагоддзя The Rose of Tralee. Верагодны аўтар словаў: C. (ці E.) Mordaunt Spencer. Аўтар музыкі Charles William Glover. Пераклад прысвечаны Арыне Вячорцы. Ёсць мясціны, якія звязаныя з асобнымі людзьмі. Больш за дзесяць год штогод у траўні пані Арына арганізоўвала рыцарскія турніры і канцэрты фольк і медываль выканаўцаў у Лошыцкім парку. З даліны Тралі, вядомага месца правядзення этнакультурніцкіх фэстаў у Ірландыі, у перакладзе мы перанясемся ў наш Лошыцкі парк.
Сыны старадаўняй Літвы (P.Ó'Cearnaígh)
Пераклад песні Down by the Glenside (The Bold Fenian Men) Падэра Кеарні (Peadar Ó Cearnaígh) (1883-1942). У песні распавядаецца, як падарожнік сустракае жанчыну за працай, якая працуе і спявае славу старадаўнім героям даўніх часоў, і спявае так, быццам была знаёмая з імі, быццам яны біліся за яе свабоду. Аўтар разумее, што перад ім не проста жанчына, што гэта дух ягонай Радзімы. Ён хоча наблізіцца да яе, але, як толькі ён варухнуўся, тая знікае як прывід. Беларуская версія прысвячаецца 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.
Свабодныя рэкі бягуць (M.MacConnell)
Пераклад песні Only Our Rivers Run Free ірландскага паэта Мікі Макконэла (Mickey MacConnell) (нар. 1947). Вельмі малады Мікі Макконэл напісаў гэтую песню на пачатку 60-х. Песня пранізана сумам з таго, што Бацькаўшчына паэта падзелена і сучасных дзяржаўных межаў не заўважаюць хіба толькі вольныя рэкі ягонай Радзімы.
Стары і слаўны час (trad./J.Watson/R.Burns)
Пераклад паводле Джэймса Ўотсана і Роберта Бёрнса [James Watson (1664-1722) - Old Long Syne (1711), Robert Burns (1759-1796) - Auld Lang Syne (1788)]. Калі версія Бёрнса мае больш абагуленны сэнс, стаўшы асновай сусветна папулярнай каляднай песні, то ранейшая версія Ўотсана трошкі больш працяглая і дакладная. Ўотсан засяроджвае ўвагу менавіта на тузе па прайшоўшым першым каханні.